Главная » 2014 » Июль » 30 » Рамантычнае вяселле ў доме пана Міцкевіча
15:13
Рамантычнае вяселле ў доме пана Міцкевіча

Дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку — гэта не звычайны музей, як можа здацца на першы погляд, з экспазіцыяй і зашклёнымі вітрынамі. Гэта сапраўды той самы дом, у якім жылі калісьці бацькі паэта і ён сам. І нават цяпер, праз два стагоддзі, будынак захоўвае атмасферу жылых памяшканняў той далёкай эпохі.

Трапіўшы ўсярэдзіну, адразу разумееш, што тут усё сапраўднае: вось старадаўнія ходзікі кожныя паўгадзіны сваім ціхім звонам адмерваюць час, а вось над лесвіцай, ля самага акна, утульна прымасціліся два вялізныя крэслы і столік — усеўшыся ў іх, так зручна весці спакойную прыватную размову. Прайшоўшы прасторную вітальню, адразу трапляеш у дзіцячы пакой, затым у кабінет бацькі і гасцёўню — усё распланавана для зручнага сямейнага жыцця. Далей ідуць былая сталовая, у якой сёння паказана тэма знаходжання Міцкевіча ў Расіі, і былая спальня, дзе апавядаецца пра эміграцыю паэта.

Дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба адзначае, што сам будынак, з калонамі, старадаўнім дахам, добраўпарадкаванай навакольнай тэрыторыяй добра відаць з вуліцы, і сваім знешнім выглядам ён часта прываблівае нават выпадковых наведвальнікаў:

— Прыемна бачыць, як мясцовыя хлопцы, дзяўчаты прыходзяць сюды са сваімі каханымі, якія прыехалі з іншых гарадоў, рамантычна трымаючыся за рукі. Значыць, яны лічаць, што ў нас можна добра правесці час і адкрыць для сябе штосьці новае. Дарэчы, рашэннем райвыканкама дом-музей Адама Міцкевіча афіцыйна зарэгістраваны як месца, дзе можна правесці ўрачыстую цырымонію заключэння шлюбу. У альтанцы, што стаіць на нашай тэрыторыі, і дарожках вакол яе спецыяльна афармляецца пляцоўка для ўрачыстасці. Маладым, якія прыходзяць да нас, мы заўсёды кажам: «Ваша ўступленне ў шлюб адбываецца ў доме сям’і, якая дала свету вялікага паэта. Менавіта тут ён рабіў першыя ў сваім жыцці крокі. Няхай і ваша сям’я будзе такой жа моцнай, і калі не паэт вырасце ў ёй, то нехта іншы, хто паўплывае на лёс многіх людзей.

«Паэты нараджаюцца ў карчме»

Аднак, калі быць да канца шчырым, то Адам Міцкевіч нарадзіўся ўсё ж не тут. Атрымалася так, што бацькі паэта, якія здымалі кватэру ў Навагрудку, вырашылі на каталіцкія Каляды з’ездзіць да старэйшага з роду, у яго ўладанні ў Завоссі. А гэта ў 45-ці кіламетрах на поўдзень ад Навагрудка (цяпер Баранавіцкі раён, дзе знаходзіцца сядзіба-музей паэта). Менавіта там 24 снежня 1798 года нарадзіўся Адам. Праз паўтара месяца, калі дзіця падужэла, Міцкевічы вярнуліся дадому і 12 лютага ахрысцілі малога ў навагрудскім фарным касцёле.

Ёсць і іншая версія, згодна з якой Міцкевіч нарадзіўся не ў самім Завоссі, а за два кіламетры ад яго, у прыдарожнай карчме. Дарэчы, карчмой у той час называлі не проста шынок, але і пастаялы двор, на якім можна было спыніцца, дзе меліся неабходныя ўмовы для адпачынку. Менавіта пра такое нараджэнне пісаў у сваім вершы, прысвечаным Міцкевічу, Рыгор Барадулін: «Паэты нараджаюцца ў карчме, каб іх пасля аплаквалі саборы».

Мікалай Гайба, рэзюмуючы абедзве версіі, усё ж падкрэслівае, што Адама Міцкевіча можна лічыць навагрудчанінам ад нараджэння:

— Нават калі сёння па збегу абставін дзіця нараджаецца ў цягніку ці самалёце, то ў якасці месца нараджэння ўсё адно запішуць тое, дзе зарэгістраваны бацькі. Міцкевічы жылі ў Навагрудку, з’ездзілі ў падарожжа, там нарадзілася дзіця, вярнуліся і зноў былі ў гэтым горадзе. Але калі разважаць пра гэтую падзею больш паэтычна, «касмічна», то можна сказаць, што ўпершыню расплюшчыў вочы і ўбачыў зорнае неба, месяц будучы вялікі паэт у засценку Завоссе.

Дом-музей афіцыйна зарэгістраваны як месца, дзе можна правесці ўрачыстую цырымонію заключэння шлюбу.

Адзін з найпрыгажэйшых у Навагрудку

Праз год пасля нараджэння Адама памёр уладальнік Завосся, яно перайшло ў спадчыну да бацькі Міцкевіча. Яны пэўны час пажылі там, а пасля прадалі сваякам. Самі ж у 1806-1807-х гадах пабудавалі цагляны дом — той самы, у якім цяпер размяшчаецца музей. Па сведчанні Ігната Дамейкі, ён быў адным з найпрыгажэйшых у Навагрудку. Бо на той час толькі цэрквы і касцёлы былі мураванымі, а прыватных забудоў з каменю рабілі вельмі мала.

Каб пабудаваць гэты дом, бацька паэта пазычыў грошы ў аптэкара. Калі хлопчыку ішоў 13-ы год, бацька памёр. Таму наступныя шэсць гадоў маці разам з Адамам і іншымі яго братамі давялося жыць у флігелі. Свой вялікі дом яны здавалі кватарантам, каб мець сродкі на жыццё і аддаваць пазыку аптэкару.

Скончыўшы 6-класную навагрудскую дамініканскую школу, Адам Міцкевіч паступіў у Віленскі ўніверсітэт. Адвучыўшыся там чатыры гады, яшчэ на шэсць гадоў ён па размеркаванні быў накіраваны настаўнікам у Коўна. Там яго арыштавалі за ўдзел у таварыстве філаматаў і выслалі ў Расію. Апошні раз у Навагрудак ён прыязджаў ва ўзросце 22-х гадоў, ужо пасля смерці маці.

Дом давялося прадаць на публічных таргах, і 100 гадоў у ім жылі чужыя людзі (да 1938-га — часу адкрыцця музея). Аднак усе ведалі, што ў гэтым доме раней жыў паэт. Пацвярджаюць гэта шматлікія публікацыі вандроўнікаў сярэдзіны XІX стагоддзя, якія праязджалі праз Навагрудак і пісалі, што тут ёсць такая памятка, як дом, у якім жыў Адам Міцкевіч.

Цені-прывіды на сцяне

У 1881 годзе ў ліку іншых дзесяці гэты дом згарэў. Новы гаспадар Дамброўскі адбудаваў яго і пачаў здаваць у арэнду. З таго часу тут жылі пераважна маршалкі павятовай шляхты. У 1938 годзе ў адбудаваным і крыху змененым доме быў адкрыты музей.

У 1941-м дом-музей разбурылі, аднак Навагрудскім саветам дэпутатаў у 1948 годзе было прынята рашэнне аднавіць яго, пра што расказвае Мікалай Гайба:

— Уявіце, як шмат тады было спраў па аднаўленні разбуранай гаспадаркі. Аднак усё адно вырашылі рабіць дом Міцкевіча, шукаць грошы на гэтую справу. Пачалі збіраць музейныя прадметы. За 1955-м у музейным архіве пазначана паступленне мэблі (столік, крэслы) з Туганавіч — месца, дзе калісьці жыла каханая паэта Марыля Верашчака. Тады ж сюды быў перададзены гадзіннік з віленскага пакоя паэта. У той час у людзей яшчэ захоўваліся старыя рэчы, хтосьці пераязджаў з дома ў кватэру і тое, што не мог забраць з сабой, прапаноўваў музею. Мэтанакіравана шукалі прадметы і нашы музейныя супрацоўнікі.

У 1990-1991-х гадах сядзіба зноў была рэканструявана і набыла свой сучасны выгляд.

Варта дадаць, што асноўны будынак і флігель, у якім сёння размяшчаецца музычна-літаратурны салон, злучае падземны ход. У падвале дома знаходзіцца кухня з печчу, тагачаснымі сталовымі прыборамі. Калі ўключыць невялікую лямпу, на сцяне з’яўляюцца цені-прывіды былых жыхароў дома, што сабраліся за сталом. Блукаючы па сутарэннях, можна бачыць шматлікія карціны, якія вісяць на сценах, — бо гэта не проста сутарэнні, а галерэя…

Таму, хто трапіў у гэты дом, адразу адкрываецца невядомы раней, таямнічы і прывабны свет Адама Міцкевіча. За адзін дзень цалкам вывучыць яго немагчыма. Можна толькі распачаць для сябе шлях спазнавання нашага вялікага паэта.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ.

Навагрудскі раён.

http://zviazda.by/2014/07/46443.html

Просмотров: 800 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0