Главная » 2015 » Октябрь » 27 » Візіт у Беларусь Пятра Буцянёва, нашчадка славутага роду Храптовічаў
11:32
Візіт у Беларусь Пятра Буцянёва, нашчадка славутага роду Храптовічаў

На запрашэнне Цэнтра “Экумена” з 5 па 6 кастрычніка Беларусь наведаў Пётр Буцянёў, нашчадак знакамітага беларускага шляхецкага роду Храптовічаў-Буцянёвых, выкладчык дагматычнага багаслоўя ў Свята-Уладзімірскай семінарыі ў Ню-Ёрку, ЗША, у мінулым — шматгадовы сакратар камісіі Сусветнай рады Цэркваў “Вера і царкоўны лад”, сусветна вядомы праваслаўны багаслоў. Гэты візіт стаў першым за больш чым семдзясят гадоў прыездам у Беларусь прадстаўніка гэтай важнай для гісторыі Беларусі сям’і. Паездка была падтрыманая Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі, якая праз сетку беларускіх бібліятэк арганізавала цёплы прыём госця ў Шчорсах, дзе знаходзяцца рэшткі былога маёнтку Храптовічаў, і ў Наваградку. Транспартнае і экскурсійнае суправаджэнне Пятру Буцянёву і прадстаўніцы Цэнтра “Экумена” Наталлі Васілевіч было ласкава забяспечана Юрыем Меляшкевічам, дырэктарам ТАА “Куфэрак падарожжаў”.

Бацька Пятра Буцянёва Міхаіл Апалінаравіч правёў у родавым маёнтку Шчорсы на Наваградчыне свае юначыя гады, але разам з сям’ёй вымушаны быў выехаць адтуль у 1939 г. пасля пачатку Другой сусветнай вайны і прыходу ў Заходнюю Беларусь савецкай улады. Пра гэты драматычны момант сямейнай і дзяржаўнай гісторыі распавядаецца ва ўспамінах графіні Вольгі Храптовіч-Буцянёвай, апублікаваных у кнізе “Злом” (В. А. Храптовіч-Буцявёва. Злом, Успаміны 1939-1942. — Мінск, “Кнігазбор”, 2011. — 275 стар.), а таксама фрагментамі ў газеце “Народная воля” (Балючая споведзь графіні).

Свой першы прыезд у Беларусь Пётр Буцянёў спалучыў з удзелам у якасці спецыяльна запрошнага дакладчыка на секцыю “Цэрквы ў войнах і войны ў цэрквах: ідэі, гісторыя, паўсядзённасць”, праведзеную пры падтрымцы Цэнтра “Экумена” ў межах V Кагрэсу даследнікаў Беларусі, які адбыўся з 1 па 4 кастрычніка ў Каўнасе, Літва.

Version 2

Пётр Буцянёў на Кангрэсе даследнікаў Беларусі са святаром Аляксандрам Шрамко, Наталля Васілевіч і Паўлам Котавым

Наталля Васілевіч, дырэктар Цэнтра “Экумена”, даўно планавала запрасіць Пятра Буцянёва як вядомага багаслова на Кангрэс даследнікаў Беларусі, у каардынаваную ёй багаслоўскую секцыю. Але гісторыя набыла нечаканы паварот:

“Яшчэ да таго, як я даўмелася, што вядомы праваслаўны багаслоў Bouteneff — не проста мае беларускае паходжанне, але з’яўляецца прамым нашчадкам слыннага беларускага шляхецкага роду Храптовічаў, ужо тады я цікавілася ім як багасловам і навукоўцам. Ён быў выконваючым сакратаром у камісіі “Вера і царкоўны лад” Сусветнай Рады Цэркваў — адной з самых цікавых пляцовак багаслоўскага дыялогу ў свеце. Нядаўна пераглядала свае артыкулы і пабачыла, што адным з іх, на тэму праваслаўнага ўдзелу ў экуменічным руху цытую Пятра Буцянёва.

Аднойчы з маімі праваслаўнымі сябрамі з Менску і Ліды, пад кіраўніцтвам святара Аляксея Глінскага, мы ўдзельнічалі ў місіянерскім сплаве па рацэ Нёман ад в. Ярэмічы да Любчы. І на прыпынку ў Шчорсах Раман Абрамчук правёў нам экскурсію па комплексе Храптовічаў, расказаў пра бібліятэку, мы палазілі па сядзібе, па парку, памаліліся ў царкве, паслухалі як адна прыхажанка спявала беларускія паралітургічныя спевы з прыспевам “Самі дзвоны задзванілі, самі дзверы расчынілісь” — і Шчорсы больш не выходзілі у мяне з галавы.

Я задумала зняць кароткі фільм пра нашае “воднае паломніцтва”, і акурат, калі загарэлася гэтай ідэяй, пабачыла запрашэнне на прэзентацыю лічбавага архіву бібліятэкі Храптовічаў у Нацыянальнай бібліятэцы, адразу пабегла туды, і першы адзняты мной матэрыял — гэта быў расповед Алеся Сушы пра важнасць праекту па вяртанні — хаця б у лічбавым фармаце — бібліятэкі Храптовічаў у Беларусь. І на самой прэзентацыі з дзясятак разоў прагучала прозвішча Буцянёў у сувязі з т.зв. тэстаментам графа Буцянёва датычна бібліятэкі.

У той жа вечар я прыбегла дадому, і напісала ў фэйсбуку таму самаму Пятру Буцянёву запыт — ці не мае ён дачынення да беларускага роду Буцянёвых-Храптовічаў са Шчорсаў, і амаль адразу атрымала адказ, што юначыя гады бацька Пятра правёў менавіта ў Шчорсах. Не дзіва, што ў той самы вечар у мяне з’явілася ідэя-фікс — зрабіць усё магчымае, каб прыезд нашчадка роду Храптовічаў у Беларусь адбыўся. Я хадзіла на ўсе “храптовічаўскія” мерапрыемствы ў Нацыянальнай бібліятэцы і кожнага разу даставала са сваёй кішэні не проста козыр, а супер-джокер у выглядзе знаёмства з самым сапраўдным Храптовічам.

І тут мы знайшлі агульны інтарэс з Алесем Сушам і сталі супольна планаваць, пакуль гэтым летам візіт Пятра Буцянёва не пачаў набываць канкрэтныя абрысы.”

У панядзелак, 5 кастрычніка, Пётр Буцянёў сустрэўся з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, старшынёй Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў Алесем Сушам, які правёў для госця экскурсію па бібліятэцы, а таксама расказаў пра дзейнасць арганізацыі па вывучэнні і папулярызацыі спадчыны Храптовічаў, у прыватнасці, знакамітай Шчорсаўскай бібліятэкі, кнігазбор якой знаходзіцца ў Кіеве, пасля таго, як быў туды эвакуяваны ў гады Першай сусветнай вайны. Навуковая супрацоўніца ННБ Галіна Уладзіміраўна Кірэева, якая знайшла ў зборах Нацыянальнай бібліятэкі адзіную на сёння вядомую у яе сховішчах кнігу з бібліятэкі Храптовіча — з экслібрысам — паказала яе Пятру Буцянёву як нашчадку ўладальніка, для якога кніга стала першым артэфактам, звязаным з яго продкамі, да якога яму давялося дакрануцца ў Беларусі. У сваю чаргу, нашчадак славутага роду падараваў у фонд Нацыянальнай бібліятэкі кнігу, напісаную ягоным бацькам Міхаілам, пра гісторыю сям’і ад старажытных часоў да канца 1980-х гадоў, кнігу, якая была складзена па-ангельску і першаснай мэтавай аўдыторыяй якой былі ўнукі Міхаіла Апалінаравіча: Michael C. Bouteneff. The Bouteneff Family Chronicle, — New York, 1989. — 298 p.

Алесь Суша паказвае Пятру Буцянёву кнігу з экслібрысам Храптовіча

Алесь Суша паказвае Пятру Буцянёву кнігу з экслібрысам Храптовіча

 

Я ведаў пра Шчорсы з гісторый, якія нам распавядаў бацька, з кнігі, якую ён напісаў, а таксама з кнігі яго другой маці — Вольга Храптовіч. А таксама з тых 6-7 карцінак, якія назаўжды былі замацаваныя ў маім уяўленні: белы дом, у якім яны жылі, былая бібліятэка; напаўразбураны палац, гай, і ферма ў Мураванцы, — распавядае Пётр. — Гэта была быццам кніга дзіцячых казак у маім уяўленні — мой бацька меў толькі добрыя ўспаміны пра Шчорсы, да 1939 года…” Тыя месца, якія ён збіраўся наведаць, ён бачыў таксама і на фотаздымках, якія дасылалі яму сябры, сустракаў таксама рэпартажы са Шчорсаў у інтэрнэце. Цяпер жа ўсе гэтыя заакіянскія казачныя краявіды — у колерах цёплага кастрычніцкага сонца — сталі для яго рэчаіснасцю.

Першым пунктам шчорсаўскай праграмы стала наведанне царквы ў гонар св. Дзмітрыя Салунскага, фундаванай ў ХVII ст. Яўхімам Літаворам Храптовічам. У царкве ў прысутнасці мясцовых прыхажан святар Мікалай Лашчэўскі адслужыў паніхіду па спачылых членах сям’і Буцянёвых, якія жылі ў Шчорсах у міжваенны час. Пётр Буцянёў спяваў памінальнае богаслужэнне па-царкоўна-славянску, і для праваслаўнай супольнасці Шчорсаў было радасна, што нашчадак легендарнага роду — не проста актыўны царкоўны прыхажанін, але і рэгент хора, і прафесар семінарыі, і вядомы багаслоў. Пасля паніхіды прыхажане мелі магчымасць пагутарыць з Пятром. Адна са старэйшых прыхажанак — Любоў Герасімаўна Лаўніковіч — у маленстве гадавалася ў Шчорсах і гуляла разам з дзецьмі графа. Спадарыня Лаўніковіч падзялілася з Пятром сваімі успамінамі пра тыя гады, пра розных членаў сям’і, а таксама з цікаўнасцю распытала, як там цяпер маюцца блізняткі Каця і Сярожа, з якімі яна таварышавала ў канцы 1930-х гадоў, і перадала сваім прыяцелям дзяцінства — цяпер ужо таксама сталым людзям — цёплае відэа-прывітанне.

3church

Пётр паказвае фотаздымкі ў кнізе свайго бацькі Леакадзіі Воранавай, Юрасю Меляшкевічу, святару Мікалаю Лашчэўскаму і Любові Герасімаўне Лаўніковіч

Далей Пётр Буцянёў наведаў Шчорсаўскую сельскую бібліятэку на запрашэнне яе дырэктара Леакадзіі Воранавай, якая, як краязнаўца, рупліва збірае інфармацыю пра вёску і вядомы род Храптовічаў, а таксама стараннямі якой пачалі праводзіцца штогадовыя Шчорсаўскія чытанні. І хаця цяперашняя Шчорсаўская бібліятэка мае вельмі аддаленае “сваяцтва” са слыннай і багатай той-самай-шчорсаўскай бібліятэкай Храптовічаў, спадарыня Воранава ўвасабляе ў сабе архетыпічную постаць бібліятэкара ў Шчорсах, ахоўваючы памяць пра тое месца, якое некалі прыцягвала да сябе паэтаў і навукоўцаў, якія працавалі з кнігазборам Храптовічаў і проста насалоджваліся знаходжаннем сярод кніжных паліц, поўных унікальных выданняў.

4Szczorsylib

Партрэт Яўхіма Літавора Храптовіча на сцяне сучаснай Шорсаўскай бібліятэкі

 

Спадкаемца ўладальніка бібліятэкі падараваў кнігу свайго бацькі ў фонд Шчорсаўскай бібліятэкі, а таксама атрымаў у падарунак падкову, знойдзеную сярод друзу ў сельска-гаспадарчым комплексе Храптовіча — у Мураванцы.

8Szczorsypad

Падкова ў падарунак ад Леакадзіі Воранавай

Леакадзія Воранава правяла гасцей у сядзібу, расказала пра гісторыю будынкаў і іх цяперашні стан. Для Пятра было вялікім уражаннем пабачыць і пазнаць той самы белы дом з калонамі, які ён з дзяцінства ведаў па фотаздымках, дакрануцца да сценаў, у якіх прайшлі дзіцячыя гады ягонага бацькі, а таксама цягам стагоддзяў жылі яго продкі, а ён наведаў упершыню.

5Szczorsywhiteh

Той самы “белы дом” і нашчадак яго ўладальніка

Спадарыня Воранава паказала таксама Пятру саджалкі са спецыяльнай, уладкаванай яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя ірыгацыйнай сістэмай падачы і змены вады, а таксама чырвона-цагляны комплекс Мураванкі.

7Szczorsymur

Каля фермы “Мураванка”

“Я не магу сказаць, што асабліва баяўся прыехаць у Шчорсы. Я ведаў, што сядзіба занядбаная, — і я быў шчаслівы, што “белы дом”, у якім жыў мой бацька, усё яшчэ стаіць,” — падзяліўся Пётр пазней. — Азіраючыся назад, я засмучаюся, што будынкі знаходзяцца не ў лепшым стане”.

На наступны дзень, 6 кастрычніка, Пятра Буцянёва прывіталі ў Наваградскім райвыканкаме, дзе кіраўніца сектара культуры Наталля Міхайлаўна Жэшко расказала пра пачатак працы па добраўпарадкаванні Шчорсаўскага маёнтка, а таксама пра праект па вывучэнні спадчыны Храптовічаў.

9Navahradak

Пётр Буцянёў з Ірынай Царук і Наталляй Жэшко. Наваградак XVI ст.

Далей у суправаджэнні дырэктара Наваградскай раённай бібліятэкі Ірыны Міхайлаўны Царук госці наведалі з экскурсіяй музей А. Міцкевіча, наваградскі кафедральны сабор, старажытную Барыса-Глебскую царкву, агледзелі Замкавую гару з рэшткамі Наваградскага замка. На заканчэнне Наваградскай праграмы быў цёплы прыём у Наваградскай раённай бібліятэцы.

10Navahradak

Сэлфі на Замкавай гары. Наталля Васілевіч, Пётр Буцянёў, Юрый Меляшкевіч і Ірына Царук

Пасля гэтага падарожнікі зноў выправіліся ў Шчорсы — па жывапісных наваградскіх узгорках з заездам у Любчу і Адампаль. У Шчорсах яны мелі магчымасць яшчэ раз самастойна пахадзіць па рэштках маёнтка, а таксама, дзякуючы гасціннасці мясцовага жыхара Уладзіміра, зрабіць невялікую, але захапляльную прагулку на чоўне па сажалцы.

6Szczorsylake

Вандроўка была кароткай, але насычанай. Пётр і не спадзяваўся пабачыць гэтыя будынкі, сажалкі, памаліцца ў шчорсаўскай царкве. Многія дзесяцігоддзі гэта было для яго легендай і нязбыўнай мрояй. Наведанне Шчорсаў зрабіла на яго моцнае ўражанне:

“Цяпер я адчуваю сябе бліжэй да гісторыі маёй сям’і, асабліва што датычыць гадоў, праведзеных маім бацькам тут у ХХ стагоддзі, але роўна бліжэй мне стала шматвекавая спадчына роду Храптовічаў. А паколькі для мяне вялікае значэнне маюць кнігі, я таксама працягваю думаць і пра бібліятэку, якую Яўхім Храптовіч заснаваў у Шчорсах”.

Пётр Буцянёў — першы, але, абяцае ён, не апошні са сваіх сваякоў, хто наведае Шчорсы. Пасля свайго вяртання ў ЗША ён асэнсоўвае свае ўражанні з Беларусі, пераглядае фотаздымкі і відэа:

“На наступны месяц я збіраю ўсю сваю сям’ю ў сябе дому — усіх Буцянёвых, якія толькі змогуць прыехаць, каб расказаць ім пра сваю вандроўку, паказаць ім фотаздымкі, разам з імі яшчэ раз праслухаць аўдыё-запісы, якія я зрабіў. Я ведаю, што цяпер, калі я “падрыхтаваў шлях”, іншыя таксама хацелі б наведаць Шчорсы, асабліва блізняткі Сяргей і Каця, якія жылі там у дзяцінстве і добра памятаюць гэты свой дом”.

Не толькі для Пятра Шчорсы — дзіцячая казка, якая стала рэчаіснасцю. Для многіх шчорсаўцаў і наваградцаў Буцянёвы, Храптовічы — гэта амаль што міфічныя, летапісныя героі, казачныя персанажы. Пачуўшы, што прыехаў Храптовіч, многія прыходзілі проста на яго паглядзець. Адказныя чыноўнікі, якія атрымлівалі падчас сустрэчы з Пятром Буцянёвым тэлефанаванні начальства, скончвалі размову адной толькі фразай: “Я зараз не магу размаўляць. Храптовіч прыехаў”.

Храптовіч прыехаў. І яшчэ прыедзе.

http://ecumena.by/?p=481

Просмотров: 1039 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0