Главная » 2014 » Июнь » 27 » У Навагрудку афіцыйна адкрылася мастацкая галерэя
13:27
У Навагрудку афіцыйна адкрылася мастацкая галерэя

На мінулым тыдні на сядзібе мастака Кастуся Качана (нарадзіўся ў вёсцы Лаўрышава. Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Сур’ёзную творчую дзейнасць распачаў у 1980 годзе. У 1987 годзе Кастусь Іванавіч стаў членам Беларускага саюза мастакоў. У асноўным мастак працуе ў станковым жывапісе, пераважна ў жанры пейзажу. У карціннай галерэі выстаўлена 70 карцін мастака) вітаў своеасаблівы дух творчасці, узвышанасці, сяброўства, падтрымкі і прадпрымальніцтва. Здавалася, што тут сабралася ўся творчая інтэлігенцыя Беларусі на чале з прэм’ер-міністрам краіны М.У.Мясніковічам, міністрам культуры Б.У.Святловым, генеральным дырэктарам Нацыянальнага мастацкага музея У.І. Пракапцовым і іншых.

Ганаровыя госці завіталі на сядзібу К.І. Качана з мэтай знаёмства з яго работамі і афіцыйнага адкрыцця мастацкай галерэі. Тут ужо закончаны асноўныя работы і сядзіба гасцінна адчыніла свае дзверы для жыхароў Навагрудчыны і яе гасцей.

Варта напомніць, што галерэя ў нашым горадзе з’явілася па ініцыятыве самога мастака. Некалькі гадоў таму Кастусь Качан ўзяўся за ўвасабленне даўняй ідэі па будаўніцтве культурнага аб’екта. У ходзе будоўлі сядзібы мастака падтрымлівалі калегі, сябры і мясцовыя жыхары. Сёння на вуліцы Замкавай вабіць пагляд прыгожы трохпавярховы архітэктурны шэдэўр, у якім знаходзіцца майстэрня і экспазіцыйныя залы. Дарэчы, некаторыя асабліва дапытлівыя гараджане і турысты ўжо амаль цэлы год мелі магчымасць наведаць сядзібу і пазнаёміцца з работамі Канстанціна Іванавіча.

На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця галерэі было шмат прамоў з добрымі цёплымі словамі ў бок прадпрымальнага чалавека, таленавітага чалавека, патрыёта свайго краю К.І. Качана. У прыватнасці, у сваім выступленні М.У. Мясніковіч падкрэсліў важнасць падобнага ўкладу прыватных асоб у развіццё культуры нашай краіны. Ён акцэнтаваў увагу на тым, што гэта адна з першых прыватных галерэй вядомага беларускага мастака, работы якога захоўваюцца ва ўсіх буйных музеях Беларусі, маюцца ў прыватных калекцыях аматараў жывапісу Германіі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Сербіі, Аўстрыі, Кітая, В'етнама і інш.

Не хлебам адзіным жыве чалавек. Таму патрэбна ўдзяляць вельмі сур'ёзную ўвагу культуры і людзям, якія сябе ёй прысвяцілі. Гэта вытокі нашай дзяржаўнасці. А Кастусь Іванавіч Качан – адзін з першапраходцаў. Ён не пабаяўся цяжкасцей, не пашкадаваў уласных сродкаў, зрабіў выдатны падарунак гораду і, ўвогуле, культуры краіны.
Варта сказаць, што М.У. Мясніковіч з’яшляецца заўзятым аматарам жывапісу. У яго прыватнай калекцыі маюцца карціны шматлікіх вядомых мастакоў. Дзве карціны нашага земляка К. Качана займаюць там ганаровае месца. Аб гэтым Міхаіл Уладзіміравіч таксама паведаміў шматлікім гасцям урачыстасці.

К.І. Качан у сваю чаргу выказаў удзячнасць усім тым, хто прыйшоў у гэты важны дзень падтрымаць яго пачынанне, хто быў разам з ім і дапамагаў яму ўсе гэтыя доўгія гады на працягу якіх будавалася сядзіба.

Удзел у мерапрыемстве бралі старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў І.Г. Жук і старшыня райвыканкама А.М. Маркевіч.

Тэкст і фота
К. БЕСАРАБ, “Новае жыццё”.

http://novogrudok.grodno-region.by/ru/news/anoncy?id=10409

Просмотров: 753 | Добавил: novtic | Рейтинг: 1.0/1