Главная » 2016 » Июль » 5 » Зялёная эканоміка як беларускі культурны код
11:15
Зялёная эканоміка як беларускі культурны код

24 чэрвеня ўпершыню ў Навагрудку прайшло экалагічнае свята “Зялёная эканоміка як беларускі культурны код”. Галоўнай падзеяй дня стала адкрыццё станцыі сартавання цвёрдых бытавых адходаў, якая будзе садзейнічаць захаванню экалогіі раёна і вырашэнню прыблемы ўтылізацыі адходаў.

У апошнія гады наш горад умацоўвае лідзіруючыя пазіцыі ў сферы развіцця зялёнай эканомікі.   Навагрудскім райвыканкамам сумесна з Прадстаўніцтвам Еўрапейскага саюза ў Беларусі рэалізуецца шэраг міжнародных энергаэфектыўных праектаў. Прыгожым і значным завяршэннем тыдня энергаэфектыўнасці стала экалагічнае свята “Зялёная эканоміка як беларускі культурны код”, у рамках якога адбылося ўрачыстае адкрыццё станцыі сартавання адходаў.

Удзел у форуме прынялі старшыня раённага выканаўчага камітэта А.М. Маркевіч, кіраўнік Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, менеджар праектаў Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Алена Ракава, амбасадары Румыніі, Польшчы, Італіі, кіраўнікі і менеджары экалагічных праектаў Прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, прадстаўнікі Гродзенскага аблвыканкама.

Адкрылася мерапрыемства прэзентацыяй вопыту рэалізацыі міжнародных праектаў тэхнічнай дапамогі ў Навагрудскім раёне.

 – Мы рады нашаму супрацоўніцтву з міжнароднымі арганізацыямі,  зацікаўленымі ў развіцці аднаўляльных крыніц энергіі, захаванні экалагічнага балансу ў свеце і рэгіёне, – адзначыў у прывітальным слове А.М. Маркевіч.–  Дзякуючы “Пагадненню мэраў”, падпісанаму ў 2013 годзе, Навагрудак далучыўся да ёўрапейскай ініцыятывы і стаў актыўным удзельнікам міжнародных праектаў “зялёнай”  эканомікі. Увядзенне ў эксплуатацыю станцыі сартавання бытавых адходаў – станоўчы прыклад сумеснай прадукцыйнай працы. Аднак сёння мала адсартаваць адходы, неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб у будучым у раёне з’явіўся цэлы комплекс па перапрацоўцы бытавых адходаў.

Пазней адбылося ўрачыстае адкрыццё станцыі сартавання цвёрдых бытавых адходаў. Запуск новага аб’екта стаў магчымым дзякуючы сумесным намаганням Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Навагрудскага райвыканкама і праекта “Падтрымка рэгіянальнага і мясцовага развіцця”. На сродкі Еўрапейскага саюза, а гэта 779 000 еўра, былі закуплены смеццявозы, кантэйнеры для збору смецця, прэс, пагрузчык. Уклад беларускага боку – 300 000 еўра, якія былі выдаткаваны на частку абсталявання, праектныя і мантажна-будаўнічыя работы.

Удзельнікі мерапрыемства змаглі пазнаёміцца з тэхнічным аснашчэннем і працай новай лініі. Станцыя сартавання – сучасны комплекс, на якім праводзіцца сартаванне і прасаванне паперы, шкла і ПЭТ вырабаў. Працуе тут усяго дванаццаць чалавек. Увядзенне ў эксплуатацыю станцыіі дазволіць  знізіць нагрузку на экалогію раёна і атрымліваць прыбытак ад утылізацыі адходаў.

У другой палове дня на плошчы Леніна разгарнулі шатры восем “зялёных” праектаў, якія працуюць ў розных рэгіёнах Беларусі пры фінансавай падтрымцы ЕС. На экалагічных пляцоўках удзельнікі свята гулялі ў энергаэфектыўныя віктарыны, вучыліся эканоміць на паслугах ЖКГ, знаёміліся з працай сонечных батарэй і электрабайкам. Падчас свята прайшло ўзнагароджанне пераможцаў  конкурсаў на тэмы энергаэфектыўнасці і экалогіі. У конкурсе малюнкаў на асфальце “Мой горад самы энергаэфектыўны” перамагла каманда Навагрудскай школы мастацтваў. Лепшы рэкламны слоган прыдумала жыхарка горада Ірына Іванаўна Рапецкая,  а ў конкурсе “Вачыма нашчадкаў” на лепшае фота  пераможцай стала Генутэ Грыцутэ. Лепшым прадпрыемствам, якое рэалізуе энергаэфектыўныя праекты, прызнана СП “ЛеорПластык”.

Экалагічнае свята падарыла шмат прыемных эмоцый, добры настрой і ў чарговы раз нагадала навагрудчанам, што экалогія планеты і роднай зямлі залежыць ад нашых адносін да прыроды і ўсяго жывога на зямлі. Хочацца спадзявацца, што добрая традыцыя правядзення экалагічных свят у горадзе будзе працягвацца.

А. ГАНЦЭВІЧ, “НЖ”.

Просмотров: 408 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0