09:36 Тэатралізаванае гістарычнае свята «Друкаванае слова ў Любчы» | |
Пачаткам кнігадрукавання на Беларусі лічыцца 1517 год, калі наш славуты зямляк, асветнік і гуманіст Францыск Скарына надрукаваў у Празе першую беларускую кнігу «Псалтыр». Гарадскі пасёлак Любча сёлета святкуе яшчэ адзін юбілей – 405 гадоў з дня заснавання Любчанскай друкарні. З нагоды двух юбілеяў у г.п. Любча прайшло тэатралізаванае гістарычнае свята «Друкаванае слова ў Любчы». Напачатку ў Любчанскім гарадскім доме культуры прайшлі гістарычна-краязнаўчыя чытанні. Падчас сваіх выступленняў Мікалай Гайба, Галіна Кавальчук, Ірына Царук, Кацярына Драчылоўская гаварылі аб кніга-выдавецкіх традыцыях на Навагрудчыне, дзейнасці друкарні ў Любчы, наогул аб ролі Любчанскага краю ў развіцці кнігадрукарскай справы ў Беларусі. Галоўнай падзеяй мерапрыемства стала закладка капсулы з пасланнем нашчадкам непадалёку ад Любчанскага замка на месцы ўстаноўкі памятнага знака да юбілею заснавання Любчанскай друкарні. Тэкст паслання нашчадкам зачытаў старшыня Любчанскага сельвыканкама Іван Ярмац. Затым працоўныя і творчыя калектывы, жыхары пасёлка тэатралізаваным шэсцем прайшлі ад Любчанскага замка да цэнтральнай плошчы. На жаль, даджлівае надвор’е ўнесла свае карэктывы ў праграму святкавання. Афіцыйнае адкрыццё свята адбылося на сцэне гарадского дома культуры пры ўдзеле намесніка старшыні Навагрудскага райвыканкама Святланы Каралько і старшыні Любчанскага сельвыканкама Івана Ярмаца. Насычанай і цікавай была канцэртная праграма мерапрыемства. Са сцэны гучалі песні ў выкананні аматарскіх калектываў Навагрудчыны, у тым ліку артыстаў Уселюбскага дома культуры. Канцэрт заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні «Белыя Росы» прайшоў пры поўным аншлагу. Бурнымі авацыямі і шчырымі апладысментамі сустракалі мясцовыя жыхары і госці свята артыстаў ансамбля. Таксама ў рамках свята адбылася сустрэча з паэтамі Навагрудчыны, працавалі інтэрактыўныя бібліятэчныя пляцоўкі. Завяршыліся святочныя мерапрыемсвы вячэрнім балем моладзі. Вольга Пісар, «Новае Жыцце» | |
|