11:33 Сустрэча ў Доме польскім | |
Саюз палякаў на Беларусі - гэта грамадская арганізацыя. На Навагрудчыне яна ўзнікла ў канцы 80-х гадоў і паспяхова дзейнічае сёння. Згодна са Статутам і Праграмай дзейнасць аддзялення носіць сацыяльна-культурны напрамак. На мінулым тыдні раённы аддзел СПБ падводзіў вынікі работы ў 2013 годзе. Сустрэча ў Доме польскім адбылася вечарам. І адразу ў мяне склалася ўражанне ўтульнасці і сяброўства, быццам прыйшла да харошых знаёмых на вячоркі. Таму і размова з членамі раённага аддзела СПБ атрымалася цікавай і нязмушанай. Мінулы год для членаў суполкі быў насычаны справамі, у тым ліку гаспадарчымі (ішоў рамонт у Доме Польскім). Хоць спраў было шмат, але гэта не значыць, што члены аб’яднання забыліся пра культурна-асветніцкую дзейнасць. Многія сустрэчы і мерапрыемствы аказаліся незабыўнымі. Да слова, ў Навагрудскім аддзеле СПБ дзейнічае 2 творчых калектыва: "Навагрудскія крэсавянкі” і "Свіцязянка”. Самадзейныя артысты – сапраўдныя аматары песні, прычым з душою спяваюць песні розных нацыянальнасцей: беларускія, рускія, і, канечне ж, польскія. Кіруе калектывамі Марына Юрчык – актыўны член суполкі ўжо некалькі гадоў. Творчыя калектывы СПБ – пастаянныя ўдзельнікі конкурсаў і фестываляў, і са сваіх паездак яны ніколі не вяртаюцца без узнагарод. Поспехі і дасягненні аб’яднання немагчымы без падтрымкі. І добра, што навокал шмат неабыякавых людзей. Суполка амаль што для ўсіх яе членаў стала аддушынай ад паўсядзённых спраў. З 1992 года з’яўляецца членам СПБ Данута Іванаўна Шкнай. Апошнія 8 гадоў выконвала абавязкі бухгалтара раённага аддзела, таму добра ведае, што грамадская работа патрабуе самааддачы. Члены суполкі – людзі актыўныя, добразычлівыя, няўрымслівыя і з добрым пачуццём гумару. Прыклад таму – Валянціна Палікарпаўна Мелянкевіч. Многія з удзельнікаў аб’яднання прыходзяць сюды цэлымі сем’ямі. Добры прыклад таму - Франц і Раіса Булько. Да таго ж, Франц Адамавіч выдатна спявае, на сустрэчы ён пад гітару выканаў добра вядомыя бардаўскія песні ў перакладзе на польскую мову. Толькі размовамі сустрэча не абмежавалася. Шмат добрых песень мы пачулі і за шклянкай гарбаты з вельмі смачнымі прысмакамі, вырабленымі гаспадынямі суполкі па традыцыйных польскіх рэцэптах. Ірына Ходар – карэспандэнт тэлепраграмы "Нова-ТБ” | |
|