15:03 НА ВЕЛАСІПЕДЗЕ – ПА НАВАГРУДЧЫНЕ | |
Зручны і мабільны від транспарту – веласіпед папулярны ва ўсім свеце. Не выключэнне і беларусы. Павялічваецца і колькасць людзей, якія аддаюць перавагу актыўнаму веласіпеднаму адпачынку. - На тэрыторыі Навагрудскага раёна абуладкавана 6 веладарожак з цвёрдым асфальтавым пакрыццём працягласцю 13 кіламетраў. Распрацаваны 4 веласіпедныя маршруты, агульная працягласць якіх складае 130 кіламетраў, - расказвае інструктар-метадыст па турызму турыстычна-інфармацыйнага цэнтра Наталля Дзмітрыеўна МАЛЕЦ. - Пры распрацоўцы маршрутаў стараліся, каб людзям было цікава, зручна і бяспечна. Веласіпедны маршрут “Па гістарычных кутках Навагрудка” стартуе з плошчы імя Леніна. У цэнтральнай частцы горада ёсць што паглядзець аматарам даўніны. Тут размешчаны Свята-Барыса-Глебская царква 16 стагоддзя, Свята-Нікольскі кафедральны сабор і касцёл Святога Міхаіла 18 стагоддзя, помнік Прападобнаму Елісею Лаўрышаўскаму, знаходзіцца гісторыка-краязнаўчы музей. Турыстам прапануецца зрабіць прыпынак каля памятнага знака, устаноўленага з нагоды 500-годдзя атрымання Навагрудскам Магдэбургскага права, будынка былога ваяводскага ўпраўлення і дома ваяводы, наведаць старыя хрысціянскія могілкі і Дом-музей Адама Міцкевіча, пабываць на Замкавай гары і ў сядзібе мастака Кастуся Качана. - Мне вельмі цікавым падаецца маршрут “Край Ліцвінкі”, - працягвае Наталля Дзмітрыеўна. – Возера Літоўка - гэта адно з самых любімых месцаў Адама Міцкевіча. Сёння тут з задавальненнем адпачываюць не толькі навагрудчане, але і шматлікія госці горада. Праводзяцца розныя мерапрыемствы. Увогуле, месца ўнікальнае па сваёй прыгажосці. Велатурыстам тут можна будзе не толькі адпачыць, але і праглядзець анімацыйную праграму “На зямлі легендарнай Ліцвінкі”. Маршрут бяспечны і спакойны, падыходзіць для сямейнага адпачынку. Самы працяглы маршрут “Ад замка да замка” складае 70 кіламетраў і разлічаны на фізічна падрыхтаваных людзей, хто не ўпершыню пераадольвае значныя адлеласці. Але гэты маршрут і самы пазнавальны, бо праходзіць праз значныя гістарычныя мясціны Навагрудчыны: старэйшую вёску раёна – Асташына, Любча з наведваннем Любчанскага замка і школьнага гісторыка-краязнаўчага музея. Затым - Шчорсы, вядомыя як былое ўладанне Храптовічаў, і – Нягневічы. Цікавы і даволі нескладаны веламаршрут даўжынёй 22 кіламетры у адзін бок новіць назву “Свіцязянскі пярсцёнак”, які завяршаецца каля возера Свіцязь. Па дарозе да возера – вёска Валеўка, у ваколіцах якой выяўлена стаянка эпохі мезаліту. У мясцовай школе ёсць краязнаўчы музей, дзе можна даведацца пра гісторыю гэтай мясцовасці. - Названыя маршруты прывабныя як для мясцовых жыхароў, так і для турыстаў, якія хочуць бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і прыродай Беларусі, - упэўнена Н.Д. Малец. - Наведвальнікі турыстычна-інфармацыйнага цэнтра, як правіла, ведаюць, дзе канкрэтна хацелі б пабываць. Наша дапамога інфармацыйная: падбіраем буклеты, карту, дзе адзначаны выбраныя аб’екты, тлумачым, як праехаць. Пачынаем расказваць – і людзі захапляюцца. Часцей за ўсё прыходзяць палякі, расіяне. Палякам вельмі падабаецца ў Навагрудку, у апошні час адзначаюць прыгожую алею ліхтароў. - Розныя варыянты актыўнага адпачынак на ўлонні прыроды прапануе гаспадар аграсядзібы ў в. Чарэшля Міхаіл Анатольевіч Зуевіч, - дадае Наталля Дзмітрыеўна. – Ён распрацаваў зялёны маршрут “Сцежкамі роднага краю, які праходзіць уздоўж рэк Нёман і Пліса і аб’ядноўвае тры населеныя пункты – Любча, Шчорсы і Уселюб. А перамяшчацца турысты могуць на конных павозках, веласіпедах, байдарках і пешшу. Ёсць чатыры турыстычныя сцежкі, разлічаныя на розную колькасць дзён – ад двух да шасці. Аматараў падарожжаў чакае шмат цікавых і нечаканых адкрыццяў. Лета працягваецца,і ў многіх з нас водпуск яшчэ наперадзе. Думаю, што веласіпедны турызм можа разглядаць у якасці аднаго з варыянтаў адпачынку. Чаму б і не? Навагрудчына такая прыгожая і такая прывабная. Калі няма свайго веласіпеда, то яго можно ўзяць напракат у турыстычна-інформацыйнам цэнтры г. Навагрудка (т. (8015 97 2-77-47) В. НАВАГРАН | |
|