Главная » 2014 » Май » 31 » КУРГАНУ-ПОМНІКУ - ДЗЕВЯНОСТА
16:05
КУРГАНУ-ПОМНІКУ - ДЗЕВЯНОСТА

30 мая, Навагрудак /Уласн. інф./. Адным са знакавых аб’ектаў Навагрудчыны з’яўляецца Курган Міцкевіча, які знаходзіцца на Малым замку. 27 мая споўнілася 90 гадоў з нагоды пачатку работ па яго ўзвядзенні. З мэтай атрымання каментарыя і абнаўлення гістарычных звестак, звярнулася да дырэктара Дома-музея А. Міцкевіча М.П. Гайбы. Ён расказаў наступнае:

-Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя навагрудчане былі зацікаўлены ў тым, каб вярнуць імя Адама Міцкевіча на радзіму і ўвекавечыць яго памяць. Штуршком для пачатку работ па насыпанню Кургана паслужыў прыезд на Навагрудчыну ў 1922 годзе старэйшага сына А. Міцкевіча Уладзіслава, які на той час жыў у Парыжы, яму было 86 гадоў. У Навагрудку было створана добраахвотнае навуковае таварыства - “Камітэт увекавечвання памяці Адама Міцкевіча” пад кіраўніцтвам тагачаснага ваяводы Уладзіслава Рачкевіча і пад апекай прэзідэнта Польшчы Станіслава Вайцяхоўскага.

Першай справай, якую пачаў ажыццяўляць камітэт, стала будаўніцтва помніка А.Міцкевічу. Аднак, для гэтага патрабаваліся даволі вялікія фінасавыя сродкі. На жаль, іх не было. Было вырашана ўзвесці курган. Урачыстасць з нагоды пачатку работ па яго ўзвядзенні прызначылі на 27 мая 1924 года. Першую жменю зямлі ў яго аснаванне кінуў прэзідэнт Польшчы Станіслаў Вайцяхоўскі. Ва ўзвядзенні Кургана бралі ўдзел моладзь, работнікі розных устаноў і арганізацый, вайскоўцы. Прывозілі зямлю са сваіх родных мясцін і шматлікія турысты. Былі факты, калі той, хто не мог прыехаць, а хацеў паўдзельнічаць у насыпанні Кургана, перасылаў невялікую колькасць роднай зямлі поштай, з надпісам на пасылцы “Навагрудак. Зямля для ўвекавечвання памяці А. Міцкевіча”.

У чэрвені 1931 года ў Навагрудку ўпершыню прайшлі “Міцкевічаўскія дні”, у рамках якіх усім удзельнікам насыпання Кургана выдаваўся спецыяльны значок з надпісам “Удзельніку насыпання Кургана Міцкевіча”. Два такія значкі захоўваюцца і сёння ў нашым Доме-музеі.

Урачыстае адкрыццё Кургана адбылося 28 чэрвеня 1931 г. з удзелам вядомых літаратараў, вучоных, дэлегацый гарадоў і прадстаўнікоў шматлікіх арганізацый і ўстаноў. Апошнюю ганаровую тачку зямлі на курган насыпаў пісьменнік Вацлаў Серашэўскі. Курган быў абвіты рознакаляровымі стужкамі, у небе лятаў аэраплан і раскідваў улёткі. Вышыня насыпанага пагорка склала 17 метраў, а шырыня ля падножжа – 30 метраў. Курган-помнік быў перададзены пад апеку горада.

-Курган у Навагрудку стаў першым і пакуль адзіным у Беларусі курганом, насыпаным у памяць чалавека, - завершыў каментарый М.П. Гайба. -  Ён з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, знаходзіцца пад апекай дзяржавы і сюды з задавальненнем наведваюцца не толькі шматлікія турысты нашага горада, але і самі навагрудчане.

Кацярына Бесараб, “Новае Жыццё”.

http://novogrudok.grodno-region.by/ru/news/anoncy?id=10361

Просмотров: 825 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0