Главная » 2015 » Сентябрь » 28 » Шляхецкі баль у Навагрудку
14:53
Шляхецкі баль у Навагрудку

На мінулым тыдні наведвальнікі Дома-музея Адама Міцкевіча мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з экспазіцыяй музея, але і трапіць на баль у стылі ХІХ стагоддзя. На Навагрудчыне сабраліся ўдзельнікі клубаў культурна-гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” з г.Віцебска, “Барысаўская мыза” і “Дзядзюшкін ларнет” з г. Барысава. Яны адкрылі пяты бальны сезон.

Каардынатары праекта “Шляхецкі баль у Віцебску” Эла Каржыцкая і Хрысціна Бондарава – кіраўнікі клуба гістарычнай рэканструкцыі “Паўночная вежа” арганізоўваюць танцавальныя вечары для дам і кавалераў ужо восьмы год. Дзякуючы іх намаганням Віцебск стаў сапраўднай бальнай сталіцай Беларусі.

Клуб “Паўночная вежа” дзейнічае пры культурна-гістарычным комплексе “Залатое кола г. Віцебска “Дзвіна”. Удзельнікі, а іх 40 чалавек, вывучаюць танцы эпохі Сярэднявечча, Адраджэння, танцы ХІХ стагоддзя.

– У Доме-музеі Адама Міцкевіча мы адкрываем юбілейны пяты бальны сезон. Перад паездкай у Навагрудак мы доўга рыхтаваліся, падбіралі танцы, якія адпавядаюць менавіта перыяду жыцця паэта на радзіме. У нас ёсць праект “Шляхецкі баль”. У яго межах аднаўляюцца аўтэнтычныя шляхецкія мерапрыемствы: балі і танцавальныя вечары, шляхецкія салоны і ампірныя пікнікі. Дзякуючы праекту, на тэрыторыі сучаснай Беларусі стаў правадзіцца бальны сезон. Мы правялі балі ў Палацы Пацёмкіна ў Крычаве, у Палацава-паркавым комплексе Чапскіх у Прылуках, шмат планаў наперадзе. Звычайна бальны сезон распачынаецца ўвосень невялікім дабрачынным кантрадансна-вальсавым вечарам, працягваецца ўзімку танцавальна-гульнявым вечарам “Касіны” або святочным шляхецкім салонам. Напрыканцы зімы адбываецца маскарадны танцавальны вечар “Рэдуты”, а ўвесну – закрыццё сезона з вялікім балем у шляхецкім палацы, – падзяліліся арганізатары.

Баль складаўся з трох аддзяленняў, а падчас музычных перапынкаў гучала класічная музыка. А ў салане госці мелі магчымасць бавіць час за настольнымі гульнямі, пачытаць газету ці часопіс мод 1812-1813 гадоў.

В. Пісар, “НЖ”

Просмотров: 909 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0