Главная » 2015 » Сентябрь » 28 » Навагрудак развівае міжнароднае супрацоўніцтва
16:22
Навагрудак развівае міжнароднае супрацоўніцтва

З 11 па 13 верасня дэлегацыя Навагрудскага раёна, якую ўзначаліла намеснік
старшыні райвыканкама А.Л. Сялевіч (на фота – злева) прыняла ўдзел у “Свяце хлеба”, якое традыцыйна праходзіць у польскім горадзе-пабраціме Эльблонгу.

У гэтым годзе хлебны фестываль адбыўся ўжо ў дзесяты раз і супаў з Днём культурнай спадчыны Рэспублікі Польшча. Адносіны дружбы і супрацоўніцтва паміж г. Эльблонгом і Наваградскім раёнам ўстаноўлены ў 1995 годзе.

– У першы дзень наша дэлегацыя сустрэлася з віцэ-прэзідэнтам г. Эльблонга Яцэкам Барушка, – расказала Алена Леанідаўна Сялевіч. – Падчас сустрэчы прайшла дэгустацыя прадукцыі прадпрыемстваў Навагрудскага раёна. Навагрудскі хлебазавод прадаставіў 7 відаў хлеба, вінзавод – квас “Бодрадар” і слабаалкагольны напітак “Збіцень”. Найбольшую зацікаўленасць выклікала прадукцыя ААТ “Малочная кампанія Навагрудскія Дары”.

Падчас сустрэчы з прэзідэнтам Эльблонга Вітольдам Урублеўскім былі абмеркаваны пытанні адносна пашырэння межаў супрацоўніўніцтва ў вобласці эканомікі, культуры, адукацыі, пастаўкі прадукцыі нашых прадпрыемстваў у Эльблонг, – падкрэсліла Алена Леанідаўна.

Народны ансамбль народных інструментаў “Гумарэска”, у склад якога ўваходзяць выкладчыкі Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў,
на свяце прадставіў сваю канцэртную праграму. У яе ўвайшлі песні не толькі на беларускай, але і на польскай мове, што прыемна ўразіла жыхароў Эльблонга.

– На канцэрт прыйшло шмат людзей, якія з радасцю падпявалі нашым артыстам, – падзялілася кіраўнік ансамбля Людміла Іванаўна Аніскіна. – Мы наладзілі сяброўскія адносіны з многімі калектывамі, у прыватнасці з Калінінградскім фальклорным ансамблем “Калінка”. На культурных пляцоўках вітаў дух сяброўства і творчасці. Кіраўніцтва горада адзначыла, што выступленне нашага ансамбля прайшло на самым высокім узроўні. Мы стараліся прадставіць свой горад як мага лепш.

 

На свяце прысутнічалі і дэлегацыі з іншых гарадоў-пабрацімаў г. Эльблонга: г. Калінінград – Расія, г. Ціраспаль – Украіна, г. Камп’ень – Францыя.



В. Пісар, “Новае жыццё”.
Фота Л.Аніскінай

http://novogrudok.grodno-region.by/ru/news/anoncy?id=11559

Просмотров: 475 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0