Главная » 2014 » Август » 25 » Любчанскі замак: новая знаходка
11:35
Любчанскі замак: новая знаходка

Паселішча Любча (ў пісьмовых крыніцах XV–XVII стст. Любч, Любеч) вядома з ХІІІ ст., калі князь Міндоўг аддаў яго кіеўскаму баярыну Андрэю Васільевічу Кіяну, які ратаваўся ад татарскай навалы. Пад 1499 годам у пісьмовых крыніцах згадваецца “двор Любча”, які Вялікі князь Аляксандр перадаў ва ўладанне падскарбію Вялікага Княства Літоўскага Фёдару Храптовічу. У дакументах 1517–1528 гг. Любча называецца як мястэчка. Але, на думку некаторых навукоўцаў, Любча на гэты час магла быць ужо і “местам” – горадам, бо напрыканцы XVI ст., у 1590 г., яна атрымала Магдэбургскае права, пацверджанае ў 1644 г.
 Відаць, у 1581 г. пачаў узводзіцца і Любчанскі замак. Менавіта такая дата выразана на сцяжку старадаўняга флюгера – “ветранніка”, знойдзенага ў 60-я гады мінулага стагоддзя мясцовымі краязнаўцамі. А ўжо ў 1588 г. быў складзены першы інвентар Любчанскага замка.
 Любчанскі замак пабудаваны на левым беразе Нёмана і сёння ўзвышаецца на 6–7 метраў над поймаю ракі.  Да 1666 г. ён належаў Яну Станіслававічу Кішку, затым перайшоў да Радзівілаў. З напольнага боку замак бараніўся ровам шырынёю каля 30 м і глыбінёю да 7–10 м. Да сярэдзіны ХХ ст. ад замка захаваліся толькі дзве вежы. Аднавіць выгляд замка XVI–XVII стст. можна было толькі на комплексным вывучэнні пісьмовых, графічных і археалагічных крыніц. Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі замка ў 1983, 1984 і 1986 гг. праводзіў Ігар Чарняўскі. У выніку яго даследаванняў было складзена апісанне культурных напластаванняў помніка, вывучаны падмурак паўднёва-ўсходняй вежы замка і аснаванне прасла сцяны, якая злучала паўднёва-ўсходнюю вежу і паўднёва-заходнюю, – Брамную. У 2011 г. усходні схіл замчышча раскопвала Ірына Ганецкая. У 2012 г. Андрэем Мяцельскім вывучаўся ўчастак прасла сцяны паміж Брамнай вежай і паўночна-заходняй. Апошняя да нашых дзён не захавалася і меркаваць пра яе выгляд можна было толькі на падставе сціплых паведамленняў з пісьмовых крыніц XVIІ–XVIIІ стст. Нават у кагосьці існавала думка, што такой вежы ўвогуле не было. Таму пошук і вывучэнне гэтай вежы набывалі актуальнасць.


 У 2003 г. быў створаны дабрачынны фонд “Любчанскі замак”, які ўзначаліў Іван Антонавіч Пячынскі. Намаганнямі прафесарска-выкладчыцкага складу і студэнтаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта была ажыццёўлена распрацоўка праектнай дакументацыі для правядзення рэстаўрацыйных работ на Любчанскім замку.
 На сённяшні дзень валанцёрамі выратавана ад разбурэння і адрэстаўравана паўднёвая вежа, якая згодна агульнай канцэпцыі аднаўлення замка атрымала назву Валанцёрская, а таксама сцяна паміж паўднёва-ўсходняй і паўднёва-заходняй вежамі  і гістарычны купал над Брамнаю вежай. Гэта важкі вынік 12 гадовай дзейнасці дабрачыннага фонда “Любчанскі замак”. Штогод вядуцца работы па добраўпарадкаванні замкавай прасторы.
 Сёлета ў ліпені былі праведзены работы па выяўленні паўночна-заходняй вежы, якая месцілася на абрывістым беразе Нёмана. Работы мелі плён, вежа была знойдзена.
 Што паказалі гэтыя даследаванні? Вежа, дакладней яе рэшткі, залягала на глыбіні 3,85–5 м ад узроўню сучаснай паверхні і была заглыблена ў грунт яшчэ на глыбіню 3,5 м (!). Памеры яе ў аснове былі прыкладна 11,6х12,6 м. У аснове падмурак вежы складзены  з велізарных валуноў у два рады на вышыню каля аднаго метра. Затым узводзіліся сцены вежы шырынёю каля метра са знешняга і ўнутранага боку з цэглы-пальчаткі. Прастору паміж сценамі запаўнялі бітай цэглаю, вапнай, валунамі і дробнымі камянямі. Кладка рэнесансная – чаргаванне суцэльных радкоў лажкоў і тычкоў. Такая тэхніка ўзвядзення мура называецца трохслойнай. Акрамя Любчы, яна зафіксавана, напрыклад, пры раскопках умацаванняў Віцебскага замка.
 Па меры таго, як вежу ўзводзілі, яна паступова звужалася і набывала выгляд усечанага конуса. І на вышыні 3,5 м ад асновы яе памеры былі ўжо 9,4х9,4 м. Шырыня заходняй, усходняй і паўночнай сцяны вежы была 2,2 м, а паўднёвай — 1,2 м. Унутраная прастора вежы займала плошчу каля 30 кв. м.
 Вежа арыентавана сценамі па баках свету. З паўднёвага боку яна спалучаецца з праслам сцяны, што ідзе да Брамнай вежы. Падчас раскопак быў сабраны і рэчавы матэрыял. Гэта ў асноўным кухонны посуд XVII–XIX стст. і пячная кафля таго ж часу, керамічная дахоўка – чарапіца, зрэдку трапляецца шкляны посуд XVIIІ–XIX стст. Знойдзена срэбная завушніца ХІХ ст., якая, відаць, належала тагачаснай прыгажуні.
 Работы на замку доўжацца. Праз некалькі гадоў тут плануецца адчыніць гасцінічны комплекс. Выяўленыя падчас раскопак матэрыялы і фота раскопак знойдуць сваё месца ў антуражы адрэстаўраваных будынкаў замка.
 У перспектыве яшчэ плануецца адкрыць рэшткі чацвёртай – паўночна-ўсходняй вежы і рэшткі замкавай забудовы. Так, паводле інвентара 1601 г., на замкавым двары стаялі дом вялікі на склепе высокім мураваным, клець, склеп памерамі меншы, хата сталовая з каморамі і святліцамі, дзе меліся печы кафляныя і “каморка патрэбная”.

Л. КАЛЯДЗІНСКІ,
 старшы навуковы супрацоўнік
 Цэнтра даследаванняў беларускай
 культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, дацэнт.

http://novgazeta.by/1265#more-1265

Просмотров: 1307 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0