Главная » 2015 » Сентябрь » 23 » ДЛЯ РАЗВІЦЦЯ ТУРЫСТЫЧНАЙ ІНДУСТРЫІ
10:44
ДЛЯ РАЗВІЦЦЯ ТУРЫСТЫЧНАЙ ІНДУСТРЫІ

Навагрудчына – асаблівы край. Гісторыя тут цесна пераплятаецца з сучаснасцю. Навагрудскі замак і гара Міндоўга, Свята-Мікольскі кафедральны сабор і фарны касцёл, Дом-музей Адама Міцкевіча і алея ліхтароў – у нашым горадзе шмат выдатных месцаў, якія падабаюцца навагрудчанам і якія з задавальненнем наведваюць шматлікія госці. Пераканацца ў тым, што ў Навагрудскім раёне ёсць усё неабходнае для развіцця турыстычнай галіны, змаглі ўдзельнікі выязнога пасяджэння калегіі ўпраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, якое адбылося напрыканцы мінулага тыдня.

Удзел у пасяджэнні прынялі кансультант аддзела планавання і арганізацыі турыстычнай дзейнасці дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь М.В. Масташова, начальнік упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама А.Я. Андрэйчык, намеснік старшыні райвыканкама С.М. Каралько, члены калегіі, начальнікі і намеснікі начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гор-, райвыканкамаў, кіраўнікі спартыўных арганізацый Гродзенскай вобласці.

Падчас адкрыцця мерапрыемства А.Я. Андрэйчык адзначыў, што Навагрудскі раён не выпадкова выбраны месцам яго правядзення. Менавіта Навагрудчына з усіх рэгіёнаў вобласці на дзяржаўным узроўні вызначана цэнтральным месцам у развіцці турызму на Гродзеншчыне. Нацыяльная праграма па развіцці турыстычнай сферы Беларусі, якая хутка будзе зацверджана, прадугледжвае шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё інфраструктуры, фарміраванне канкурэнтаздольнага рынку турыстычных паслуг і павышэнне ўзроўню гасціннасці ў розных рэгіёнах краіны. Пасля рэалізацыі праграмы ў Навагрудскім раёне, вопыт развіцця турыстычнай галіны будзе распаўсюджаны і на іншыя раёны вобласці.

С.М. Каралько расказала аб гісторыі Навагрудскага краю, сацыяльна-эканамічным развіцці раёна і яго славутых месцах. Яна адзначыла, што Навагрудчына – адно з самых цікавых і прыгожых месцаў у Беларусі. Помнікі гісторыі і архітэктуры, якія захаваліся да нашых дзён, як кадры старой кінастужкі, дэманструюць фрагменты багатага мінулага нашай зямлі. Навагрудскі раён – гэта рэгіён з сучаснай прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасцю, дарожна-будаўнічым комплексам, развітой сферай бытавога, гандлёвага, транспартнага, жыллёва-камунальнага абслугоўвання, шырокай сеткай паспяхова працуючых устаноў адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту. Рэгіён дынамічна развіваецца, з упэўненасцю глядзіць у будучае і мае перспектывы для развіцця ўнутранага і ўязнога турызму.

Затым удзельнікі мерапрыемства наведалі турысцка-інфармацыйны цэнтр, алею ліхтароў, агледзелі тэрыторыю дома-музея А. Міцкевіча, азнаёміліся з турыстычнай інфраструктурай на возеры Літоўка, наведалі гасцініцу “Крокус” і эколага-забаўляльны цэнтр “Прыгоды ля возера”.

Пасяджэнне працягнулася ў раённым Доме культуры, дзе прысутныя абмеркавалі пытанні развіцця турызму на Навагрудчыне ў прыватнасці і ў вобласці ўцэлым. Намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама С.В. Чартко расказаў аб умовах для прыцягнення турыстаў у нашым раёне.

– Навагрудскі раён мае выгаднае геаграфічнае становішча, багатую гісторыка-культурную спадчыну, непаўторныя прыродныя ландшафты, помнікі прыроды, – падкрэсліў Сяргей Васільевіч. – Асноўнымі накірункамі развіцця турызму на Навагрудчыне з’яўляецца пазнавальны турызм, рэлігійны турызм, аграэкатурызм і спартыўны турызм. Колькасць прынятых турыстаў у 2014 годзе склала 44505 чалавек, з іх 6193 замежных. Для параўнання: у 2013 годзе Навагрудскі раён наведалі 39693 чалавек, з іх 8571 – замежныя турысты. Экспарт турыстычных паслуг у 2014 годзе склаў 39,6 тыс. долараў ЗША, гэта 87% да ўзроўню 2013 г.    

С.В. Чартко расказаў аб дзейнасці Дома-музея А.Міцкевіча і музея Яўрэйскага супраціўлення, якія найбольш карыстаўцца папулярнасцю ў турыстаў, рабоце турыстычнага прадпрыемства “Навагрудак-Тур”, турысцка-інфармацыйнага цэнтра, гасцініц, аб’ектаў харчавання, аграсядзіб, удзеле работнікаў сферы турыстычных паслуг у розных выставах, рэалізацыі праекта “Асташына: сцежкаю млынара”, а таксама аб фестывалях і іншых мерапрыемствах, якія ладзяцца на Навагрудчыне для павелічэння прывабнасці раёна і прыцягнення турыстаў.

Разам з тым, для прыцягнення турыстаў у раён, неабходна актывізаваць работу па стварэнню рэкламных праектаў, выкарыстоўваючы для гэтага правядзенне фестываляў і свят, якія адлюстроўваюць гістарычнае мінулае і традыцыі краю. Акрамя таго, неабходна стварыць камфортныя ўмовы для знаходжання турыстаў на Навагрудчыне, і ў першую чаргу гасцінічнае абслугоўванне.

Са сваімі прапановамі па развіцці турызму ў Навагрудскім раёне і ў Гродзенскай вобласці таксама выступілі дырэктар Дома-музея А.Міцкевіча М.П. Гайба і намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела турызму ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама М.Г. Кажуро. Удзельнікі пасяджэння выказалі свае меркаванні.

 Па выніках пасяджэння прынята адпаведнае рашэнне.       

Напрыканцы М.В. Масташова адзначыла, што каб зрабіць уязны і ўнутраны турызм даходным складнікам эканомікі Рэспублікі Беларусь, неабходна рэалізацыя комплексу маркетынгавых мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне і развіццё высокаэфектыўнага і канкурэнтаздольнага турыстычнага прадукту.

Тэкст  А. ПЯТРОВАЙ, “НЖ”.

Просмотров: 859 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0