Главная » 2016 » Март » 28 » ДЛЯ РАЗВІЦЦЯ ЭКАТУРЫЗМУ
09:09
ДЛЯ РАЗВІЦЦЯ ЭКАТУРЫЗМУ

З пачатку 2015 года ў краіне пачалася рэалізацыя праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН. Адным з накірункаў з’яўляецца развіццё экалагічнага турызму, у тым ліку ў заказніку “Свіцязянскі”. Навагрудскі раён увайшоў у праект не выпадкова – унікальнае возера “Свіцязь”, вакол якога сфарміраваўся своеасаблівы прыродны комплекс, як аб’ект экатурызму ў цэнтральнай Беларусі аналагаў не мае.     

Распрацаваная стратэгія развіцця турызму ў заказніку “Свіцязянскі” не абмяжоўваецца толькі пабудаваннем тут эколага-інфармацыйнага цэнтра, які быў адчынены 1 чэрвеня 2015 года. Аб праекце ўцэлым і планах па развіццю экатурызму на Навагрудчыне нам расказала кіраўнік праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі” В.М. Чаброўская.

– Экалагічны турызм развіваецца ў Беларусі не першы год. У краіне шмат асабліва ахоўных тэрыторый, якія людзі з задавальненнем будуць наведваць і наша задача стварыць там неабходныя ўмовы, каб не была нанесена шкода навакольнаму асяроддзю. У гэтым і заключаецца сутнасць экатурызму, – адзначыла В.М. Чаброўская. – Мы правялі даследаванне розных рэгіёнаў, вызначылі асаблівасці гэтых мясцін, тое, што будзе цікава людзям, так сказаць “фішкі”. Згадзіцеся, звычайным лесам нікога не здзівіш.

– Пабудаваны эколага-інфармацыйны цэнтр, хоць і адчыніў свае дзверы для наведвальнікаў, аднак яго абуладкаванне і добраўпарадкаванне яшчэ не завершана. Мы плануем арганізаваць тут работу дзевяці інтэрактыўных пляцовах. Усе сакрэты раскрываць не хочацца, але адна з іх будзе прысвечана Адаму Міцкевічу. Плануецца, што гэта работа будзе завершана восенню бягучага года, – расказала Вольга Міхайлаўна. – Упэўнена, што прывабным для турыстаў стане і электрааўтобус, які набыты таксама ў рамках рэалізацыі праекта і ў хуткім часе будзе перададзены заказніку для арганізацыі паездак па яго тэрыторыі і не толькі. Такая тэхніка сама па сабе выклікае зацікаўленасць, бо ва ўсёй Беларусі акрамя Навагрудскага раёна падобны транспарт будзе толькі ў Нясвіжскім палацава-паркавым комплексе Радзівілаў.

Каб экатурызм на Навагрудчыне развіваўся не толькі ў межах рэгіёна, але і ўсёй краіны, неабходна ўмець правільна і эфектыўна прасоўваць турыстычныя паслугі. Аб гэтым і не толькі прадстаўнікам турысцка-інфармацыйнага цэнтра, турыстычных фірм г. Навагрудка, аграсядзіб, гарадскіх музеяў, мастацкай галерэі К. Качана, эколага-біялагічнага цэнтра, цэнтра рамёстваў і інш. рассказалі кансультанты праекта Зоя і Аляксандр Тарасёнак падчас правядзення трэнінгу “Маркетынг турыстычных дэстынацый у заказніку “Свіцязянскі”. Мерапрыемства прайшло на мінулым тыдні на базе Навагрудскай раённай бібліятэкі. Удзел у ім таксама прынялі намеснік старшыні райвыканкама С.М. Кралько, загадчык сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.М. Жышко і кіраўнік праекта В.М. Чаброўская.

Праект “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да “зялёнай” эканомікі” дае толькі штуршок для развіцця экатурызму ў Навагрудскім раёне, далей усё будзе залежыць ад мясцовых арганізацый і ўстаноў, якія звязаны з прадастаўленнем паслуг турыстам. Вось чаму так важна валодаць асновамі турыстычнага маркетынгу. Адной сустрэчы для авалодання ўсімі хітрыкамі, вядома, не дастаткова, таму плануецца правядзенне семінараў-трэнінгаў і па іншых тэмах: “Фарміраванне турыстычнага кластара” (22 красавіка), “Прадастаўленне якасных турыстычных паслуг” (27 красавіка).

Па пяпарэдніх прагнозах развіццё экатурызму ў раёне дазволіць сфарміраваць вобраз заказніка “Свіцязянскі”, як унікальнага і вядомага турыстычнага аб’екта. Інакш кажучы, праект адкрыевае рэальныя магчымасці для развіцца не толькі заказніка, але і ўсяго рэгіёна ў новым накірунку – экалагічным турызме.

Тэкст і фота А. ПЯТРОВАЙ, “НЖ”.

Просмотров: 524 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0