Главная » 2015 » Ноябрь » 6 » Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл пра Навагрудчыну
15:51
Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл пра Навагрудчыну

4 o’clock з Брусам Бакнэлам: Час ляціць

На жаль, праз тры месяцы ганаровы калумніст сайта budzma.by, энергічны і пазітыўны, адкрыты і шчыры Амбасадар Вялікабрытаніі Брус Бакнэл, пакіне Беларусь. І хоць спадар Бакнэл шкадуе пра тое, як шмат не паспеў зрабіць, наведаць і распавесці нам падчас свайго знаходжання ў Беларусі, сённяшні тэкст цудоўна ілюструе яго глыбокія і дасканалыя веды беларускай гісторыі і неабыякавае стаўленне да нашай спадчыны. Бярэм прыклад, шаноўнае спадарства!

Праз тры месяцы я пакіну Беларусь. Час прайшоў вельмі хутка. Раптоўна я мушу скончыць усе свае справы ці прывесці іх у парадак для маёй пераемніцы.

Таксама я зразумеў, што шмат чаго не паспеў – зрабіць усё, што хацеў, наведаць мясціны, якія мяне зацікавілі, – і ўжо шкадую аб гэтым. Таксама я хацеў больш пісаць у блог, каб тлумачыць Брытанію беларусам. Але часу ў мяне ужо мала, таму да ад’езду дамоў я зраблю некалькі апошніх допісаў, дзе распавяду пра свой час на Беларусі.

На мінулых выходных я паехаў у Наваградак, адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Аднойчы пабачыўшы фота рэшткаў замка, я вырашыў, што хачу туды наведацца. У Вялікабрытаніі больш за 600 замкаў (хаця гэта залежыць і ад разумення паняцця “замак”), але на Беларусі іх адносна няшмат.

Наваградскі замак адпавядае майму разуменню таго, якім павінен быць замак. Ён стаіць на вяршыні высокай гары, адкуль адкрываецца цудоўны від на наваколле. Вакол гары ідзе глыбокі роў, але вады ў ім ужо мала, толькі малы струменьчык. Нават пахмурным кастрычніцкім днём я ўбачыў шмат наведнікаў, збольшага школьнікаў, некаторыя з якіх радасна караскаліся на зруйнаваную вежу.

1

Другую ж вежу – а калісьці, падобна, іх было сем – рэканструявалі. Не магу сказаць, што мне спадабалася рэканструкцыя, але, можа, ува мне гаворыць брытанская разважлівасць. Мы лічым за лепшае пакідаць руіны руінамі. Не мае значэння, што замак быў апорай Міндоўга, першага вялікага князя Літоўскага, а Наваградак  – першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта рэшткі вежы ствараюць атмасферу старажытнасці.

Наваградак нядоўга быў сталіцай ВКЛ. Герб ВКЛ, “Пагоню”, якая была таксама і гербам горада, і да гэтых часоў часта можна сустрэць па ўсім рэгіёне. Наваградак, як і большасць гарадоў заходняй Беларусі, пазней стаў часткай Рэчы Паспалітай, затым – Расійскай імперыі, пасля, у 1920-1939 гадах, – Польшчы, а цяпер – Беларусі. У лёсе горада адлюстраваная складаная гісторыя Беларусі, яе становішча паміж Еўропай і Расіяй.

2

Наваградак – гэта яшчэ і горад, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч (1798–1855), паэт-рамантык, які пісаў па-польску. Відавочна, ён адчуваў вялікую прыязнасць да радзімы, але, як вядома з першага радка паэмы “Пан Тадэвуш”, радзіма яго называлася Літвой, не Польшчай.

Litwo! Ojczyzno moja! ty jesteś jak zdrowie;

Ile cię trzeba cenić, ten tylko się dowie, Kto cię stracił.

 

(Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!..

Што варта ты, ацэніць той належным чынам,

Хто цябе ўтраціў.)

Сёння Міцкевіч – нацыянальны польскі паэт, але пры яго жыцці польскай дзяржавы яшчэ не было; да таго ж Адам Міцкевіч правёў большую частку жыцця ў выгнанні ў Парыжы і Рыме, а памёр у Стамбуле. Яго этнічнае паходжанне вядомае недакладна, але ён выступаў супраць монаэтнічнай дзяржавы і падзелу этнічных груп на асобныя адзінкі. Адам Міцкевіч паходзіў з часоў, калі разуменне паняцця “нацыя” адрознівалася ад таго, што мы маем цяпер.

3

На жаль, Міцкевіч не вельмі вядомы ў Вялікабрытаніі. Яго ўсебаковы погляд на тое, як людзі і супольнасці павінныя жыць разам, – тое, што мы б назвалі мультыкультуралізмам, – заслугоўвае асаблівай увагі. Мне спадабаўся яго дом-музей, і помнік побач з замкам, і аповеды пра яго бурнае жыццё, поўнае прыгод.

Шматэтнічная супольнасць Наваградка была зруйнаваная ў ХХ стагоддзі, і апошняе месца, што я наведаў у Наваградку – а менавіта Музей яўрэйскага супраціву, – з’яўляецца сведкам некаторых з тых жудасных падзей.

Нямецкія захопнікі абышліся з яўрэйскім насельніцтвам Наваградка гэтак жа, як і ў Польшчы і Савецкім Саюзе. Яўрэяў ці забівалі, ці гналі на прымусовыя работы. Некаторыя яўрэі супраціўляліся і збягалі ў лясы, арганізуючы партызанскія атрады. Бадай, найбольш вядомы з іх – атрад пад кіраўніцтвам братоў Бельскіх у Налібоках, што непадалёк ад Наваградка.

Яўрэі Наваградка адмовіліся скарацца лёсу сваіх супляменнікаў. Яны прарылі 180-метровы тунель з хаты да поля іржы. У 1943 годзе, карыстаючыся самымі простымі прыладамі і галадаючы, яны здолелі зрабіць гэта за чатыры месяцы. Тунель быў паўметра ў шырыню і вышыню.

4

Пасля рэканструкцыі ў гэтай хаце быў створаны Музей яўрэйскага супраціву. Ход тунеля можна прасачыць па сцежцы на тэрыторыі музея. Стварэнне тунеля – неверагодны подзвіг у жудасных умовах. Амаль усе яўрэі, што засталіся на той час у горадзе, здолелі ўцячы праз яго. Нацысты арганізавалі росшук, але некаторым удалося далучыцца да групы Бельскіх – у тым ліку хлопчыку, які пазней з’ехаў у Вялікабрытанію, і чыё жыццё было занатаванае адукацыйнай арганізацыяй Holocaust Educational Trust.

Наведванне музея аказалася, як я і чакаў, выцверажальным досведам. Я даведаўся пра тое, як людзі жылі ў цеснаце, без вады і ацяплення. Улічваючы недахоп ежы, бруд і вошаў, сумняваюся, што я б доўга працягнуў у такіх умовах. Я нават не магу ўявіць такую роспач, каб прапаўзці 180 метраў па вузкім тунелі.

5

У музеі ёсць імёны і фотаздымкі некаторых вязняў Наваградскага гета, а таксама партызан з групы Бельскіх. Экскурсавод распавёў мне іх гісторыі. Амаль усе, хто здолеў выжыць, пакінулі краіну, каб пачаць новае жыццё на новым месцы.

Мінулае можа стаць турмой. Аднак мы павінныя памятаць пра яго, каб не паўтараць памылак і жудасных злачынстваў. Паратунак яўрэяў Наваградка – гэта выдатны прыклад жыццеўстойлівасці чалавека. Але жыццё трэба пражываць, а не выжываць у ім.

Брус Бакнэл для budzma.by

Просмотров: 474 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0