Главная » 2017 » Август » 25 » Традыцыі кнігавыдавецтва на Навагрудчыне
15:25
Традыцыі кнігавыдавецтва на Навагрудчыне

Навагрудская зямля мае амаль тысячагадовую гісторыю, важнае месца ў якой належыць  развіццю культурна-асветніцкіх традыцый, у тым ліку кніжнай культуры. Як сведчаць гістарычныя крыніцы, Навагрудчына ўжо ў ХІ стагоддзі была звязана не толькі гандлёвымі, але і культурнымі сувязямі з Кіеўскай Руссю, з Паўднёвай Еўропай, Скандынавіяй, Прыбалтыкай, краінамі Паўднёвага Усходу.

З прыняццем і распаўсю­джаннем на нашых землях хрысціянства актыўна пачало развівацца пісьменства. Для правя­дзення богаслужэнняў патрэбны былі не толькі пісьменныя святары, але і адпаведныя кнігі (евангеллі, псалтыры, зборнікі  жыцій святых і г.д.).

Аб высокім узроўні культурнага жыцця Навагрудка  ў ХІ-ХІІ стст. сведчаць матэрыялы археалагічных раскопак. Дзякуючы ім, выяўлены надпісы кірыліцай і лацінкай, прылады для пісьма, зашчэпкі для кніг. Асобнае месца сярод гэтых матэрыялаў займаюць спецыяльныя інструменты для пісьма – пісалы. Яны маюць выгляд стрыжня з вастрыём на адным канцы і лапатачкай на процілеглым. У Навагрудку знойдзена каля 14 пісал. Акрамя інструментаў для пісьма, пры правядзенні раскопак выяўлена параўнальна шмат прадметаў з надпісамі, асобнымі літарамі і літарападобнымі знакамі. Сярод іх асаблівую цікавасць уяўляе амфара ХІІ стагоддзя, на якой прадрапана слова “ОЛЪКЪСН” (Алексій). Зразумела, што гэтыя надпісы былі зроб­лены пісьменнымі людзьмі. Жыхары горада ўжо ў ХІІ ст. мелі свае кнігі, ад якіх захаваліся металічныя зашчэпкі. У Навагрудку археолагамі знойдзена 4 бронзавыя і 1 сярэбраная зашчэпкі.

Значнымі пісьмовымі цэнтрамі Навагрудчыны, якія мелі вялікія кніжныя зборы, былі манастыры. У ХІІІ стагоддзі такімі цэнтрамі былі Лаўрышава і  Любча. Гістарычныя звесткі пра Любчу сведчаць, што тут дзейнічаў першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі дамініканскі кляштар і на яго аснове ў 1250 годзе было заснавана Літоўска-Рускае біскупства на чале з Вітам. Традыцыі  праваслаўнай культуры добра прасочваюцца на прыкладзе любчанскіх рукапісных кніг. У 1241 го­дзе дыякан Мікіта з Любчы перапісаў “Написанія Афанасія мниха къ Панкови о древе добру и злу и о наузех и о стреле гремней”. Твор быў напісаны на пергаменце, у філасофска-прапаведніцкім стылі і, магчыма, захоўваўся ў бібліятэцы Храптовічаў у Шчорсах.

Буйнай з’явай духоўнага жыцця ХІV стагоддзя было напісанне Лаўрышаўскага евангелля, якое датуецца 1329 годам. Яно складаецца з 4-х кананічных кніг Новага Запавету,  прыстасаваных да царкоўнай службы. Тое, што кніга такога ўзроўню напісана ў Лаўрышаве, сведчыць пра існаванне  тут значнага цэнтра кніжнага пісьменства. Многія навукоўцы лічаць, што ў Лаўрышаўскім манастыры не толькі пісалі рукапісныя кнігі, але і вялося летапісанне.

1_2

 У ХІV ст. на Навагрудчыне з’явіўся адзін з самых ранніх беларускіх спісаў вельмі папулярнай у старажытнасці перакладной “Аповесці пра Варлаама і Іасафа”, а ў Лаўрышаўскім евангеллі – на палях была зроблена ілюстрацыя да гэтага твора.

З Лаўрышава альбо Навагрудка паходзіць “Пралог”,  напісаны ў 1512 го­дзе манахам Якімцом. Гэты рукапісны зборнік змяшчае поўную рэдакцыю жыцій праваслаўных святых.

Вядома, што на Навагрудчыне было напісана Шчорсаўскае евангелле 1545 года, звесткі пра якое амаль адсутнічаюць.  Вядома, што яно захоўвалася  ў царкве св. Дзмітрыя ў в. Шчорсы.

У канцы ХV- пачатку ХVІ стст. не толькі ў Беларусі, але і на Навагрудчыне хуткімі тэмпамі пачало  развівацца кнігадрукаванне. У 1612 годзе Пётр Бластус Кміта адкрыў друкарню ў Любчы. Друкарня  была заснавана пры кальвінісцкім зборы і дзейнічала амаль паўстагоддзя, да 1646 года.

Калі рукапісная кніга ў асноўным была кнігай рэлігійнай, то друкаваная кніга насіла пераважна свецкі характар. Любчанская  друкарня выдавала зборнікі вершаў, творы антычных аўтараў, працы гісторыкаў, філосафаў, кнігі па геаграфіі, астраноміі, этыцы, хіміі, медыцыне, ветэрынарыі, педагогіцы, музыцы, літаратуры і інш. З Любчанскай друкарні выйшла больш за 100 выданняў на польскай і лацінскай мовах: антычныя і гістарычныя творы “Гісторыя іўдзейскай вайны” Іосіфа Флавія (1617), першае выданне Мацея Стрыйкоўскага на Беларусі – “Генеалогія, або Кароткае апісанне гістарычных дзеяў Вялікіх князёў Літоўскіх” (1626). Тут выйшлі “Жыццё сельскае і гарадское” (1620) і “Прытчы Саламона ў паэтычным выкладанні” Язэпа Даманеўскага (1623); Статут Слуцкай кальвінісцкай гімназіі (1628), “Зборнік прыказак” (1618), сабраныя Саламонам Рысінскім. Чатыры разы ў Любчы выходзіў “Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел”. Значнай падзеяй у дзейнасці друкарні было выданне “Апафегматаў” (1614) Беняша Буднага – зборніка кароткіх маральных апавяданняў антычных філосафаў, у першую чаргу Плутарха, з каментарам Б.Буднага. “Апафегматы” былі адной з найбольш папулярных кніг у Рэчы Паспалітай і неаднаразова перавыдавалася ў Вільні, Кракаве, пазней у Санкт-Пецярбурзе.

Для афармлення кніг Любчанскай друкарні  выкарыстоўваліся ксілаграфіі і наборны арнамент. Упершыню ў беларускім кнігадрукаванні для кніжных  ілюстрацый ужывалася  новая форма афармлення   выданняў –  гравюра на медзі.

Кнігі з Любчанскай друкарні былі папулярнымі далёка за межамі ВКЛ. Нярэдка гэта былі вельмі арыгінальныя, сапраўды наватарскія выданні. Таму шмат якія кнігадрукі перакладаліся і распаўсюджваліся шляхам перапісвання, трапляючы  ў суседнія дзяржавы: Маскоўскую, Украінскую і іншыя землі. Такая практыка працягвалася і ў больш познія часы. Прыкладам можа быць рукапісная кніга “Хатнія лекі” на 162 лістах, спісаная з любчанскага выдання ў 1719 годзе.

1_3

Калі храналагічна прасачыць выдавецкую традыцыю Навагрудчыны, то можна адзначыць, што буйныя друкарні маглі дзейнічаць тут і ў ХVІІІ ст. Адна з іх, магчыма, працавала пры Навагрудскім езуіцкім калегіуме, які быў адкрыты ў 1632 годзе. Вядома, што французская драма пра Даніэля, якую ставіў школьны тэатр езуіцкага калегіума ў 1761 годзе,  выйшла асобным друкам менавіта ў Навагрудку. У тым  жа 1761 годзе, таксама ў Навагрудку, выдадзена кніга выкладчыка філасофіі Навагрудскага езуіцкага калегіума Станіслава Шадурскага “Філасофскія азначэнні агульнай фізікі, выказаныя публічна аўтарам”.

На Навагрудчыне, пачынаючы з ХІІІ ст., складаліся і бытавалі сотні розных кніг і пісьмовых дакументаў, аднак, на вялікі жаль, толькі адзінкі дайшлі да нашага часу. Падчас вой­наў, пажараў і разбурэнняў, якія часта праносіліся па Навагрудчыне, большасць з іх была страчана. Некаторая частка з таго, што захавалася, зараз знаходзіцца ў музеях і прыватных калекцыях розных краін: Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны і інш.

У экспазіцыі Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея захоўваецца некалькі пісал і кніжных зашчэпак з археалагічных раскопак на тэрыторыі вакольнага горада. Што датычыцца рукапісных і друкаваных кніг, то ў музеі выстаўлены толькі іх муляжы. Арыгіналы Лаўрышаўскага евангелля знаходзіцца ў Кракаве, “Пралог” і “Пісьмы Цыцэрона” — у Віленскай публічнай бібліятэцы.

Г. Кавальчук,

старшы навуковы супрацоўнік

Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея

Газета "Новае жыццё"

Просмотров: 357 | Добавил: novtic | Рейтинг: 0.0/0